![]()
Таму я выходжу. Тысячы затрыманых, тысячы збітых, сотні знявечаных, дзясяткі забітых. Мільёны нескароных. Мільёны тых, хто верыць, — пасля ночы заўсёды надыходзіць світанак. Сотні тысяч смелых — і столькі ж пакуль маўклівых. Крок за крокам краіна ідзе да сваёй новай будучыні. Да той Беларусі, дзе галоўнымі каштоўнасцямі будуць сумленне, а не лаяльнасць, адукаванасць, а не агрэсіўнае невуцтва, добразычлівасць, а не хамства. Дзе закон будзе законам, а не анучай пад нагамі тых, хто ў балаклаве і з дручком. Дзе Канстытуцыя, а не бязглуздыя загады будзе вызначаць лёс народа. Дзе салідарнасць і спагада будуць вызначаць адносіны паміж людзьмі. Вы скажыце: гэта ўтопія, такой краіны няма і быць не можа. Такой краіны не было, дакладна. Але наша Беларусь мае ўсе шанцы такой стаць. Паглядзіце навокал! Бачыце, колькі годных людзей! Колькі тых, хто гатовы падзяліцца апошнім, дапамагчы, не чакаючы чагосьці ўзамен. Колькі тых, хто гатовы абараняць сваё права на годнае жыццё, ваша права на годнае жыццё!Ужо сёння наша краіна — прыклад для ўсяго свету.