![]()
Думкі, якія дапамагаюць захоўваць аптымізм. Юнаком я таемна выношваў план: прабрацца на дах навагрудскай воданапорнай вежы і ўзняць там бел-чырвона-белы сцяг. З моманту ганебнага рэферэндуму мінулі лічаныя гады, сцяг паспеў стаць сімвалам супраціву. Гэта быў канец 90-х, я чытаў незалежную прэсу і выдатна разумеў, чым можа скончыцца такая прыгода. З тэхнікума, у якім я тады вучыўся, нашмат прасцей было выляцець за палітыку, чым за крадзеж ці бойку. Урэшце, рацыя перамагла юначы максімалізм. Ад сваёй ідэі я адмовіўся. Быў яшчэ адзін істотны момант. Усе чатыры гады вучобы ў Навагрудку я адчуваў сябе падпольшчыкам. Увесь гэты час я ездзіў на дэманстрацыі і канцэрты ў Мінск, вяртаючыся адтуль нібы з-за мяжы. Не тое, каб горад падаваўся мне варожым, але глухім і заснулым дакладна. Сёння Навагрудак абудзіўся: на акцыі салідарнасці тут выходзяць дзясяткі чалавек са сцягамі. Нехта скажа, што для 30-тысячнага горада гэта мала. Але, як пяецца ў добрай песні — «мало, но есть». Сцягоў, па-за рэдкімі рыцарскімі турнірамі, тут не бачылі з тых самых 90-х.