![]()
Яго смерць не можа застацца марнай. Даследчык опернага мастацтва Сяргей Русецкі ўзгадаў добрымі словамі свайго вучня Рамана Бандарэнку, якi вучыўся ў Акадэміі мастацтва. «Я хачу расказаць усім пра Рому. Пра сімвалічнасць яго ахвяры. Вобраз Рамана Бандарэнкі як героя напоўнены высакароднасцю. І гэта абсалютна невыпадкова. Рома быў маім студэнтам. Спачатку для мяне гэта быў сціплы прыветлівы юнак, які сядзеў на задняй парце, я нічога пра яго не ведаў. Выглядаў ён на звычайнага жывога хлопца, для Акадэміі мастацтваў гэта не зусім тыпова, усе стараюцца там падкрэсліць сваю арыгінальнасць. Але не Рома. Я выкладаў на іх курсе два прадметы адначасова: адзін цікавы, і нам усім было там добра, а другі — нудны, але патрэбны. Можна было б аддаць перавагу першаму, але Рома наведваў заняткі па абодвух прадметах. Як потым высветліцца, лейтматыў чалавечай годнасці, гонару ў маіх у нейкім сэнсе наіўных прамовах на лекцыях, арганічна адгукаўся ў Рамане. Для яго найважнейшымі ў жыцці былі гэтыя паняцці.