Мы проста па логіцы не можам не перамагчы

Таму давайце сціснем зубы. Паслухайце, дарагія мае, усе, хто цяпер у адчаі альбо ў роспачы. Ну мы проста па логіцы не можам не перамагчы. Па-першае, так не бывае: каб рэжым, захраснуўшы ў стылістыцы, этыцы і эстэтыцы даўно памерлай імперыі, меў хаця б якія перспектывы ў тэхналагічнай, адкрытай свету будучыні. Па-другое, ён цяпер у міжнароднай ізаляцыі: ніякай знешняй падтрымкі, ніякіх новых кантрактаў, ніякіх падпісанняў міжнародных дакументаў — бо ўлада не прызнаная легітымнай. Па-трэцяе, ніякага развіцця: каб развівацца, патрэбныя людзі і грошы, нічога гэтага цяпер у рэжыма няма. І што важна: і не будзе, бо патрабаванне адстаўкі вышэйшага кіраўніцтва непахіснае і бясспрэчнае. Зусім хутка ўсё гэта стане зразумелым нават тым буйным бізнэсоўцам і дырэктарату прадпрыемстваў, якія пакуль што стаяць у баку. Будучыня — гэта не дзевяноста дзён на дубінках АМАПу. Каб жыць і расці ў будучыні, навокал трэба каб была пэўнасць і адсутнасць страху. Яшчэ я думаю, што пакрысе выводзяць адсюль грошы тыя буйныя міжнародныя злачынцы, што ўкладаліся ў нашу эканоміку: ім цяпер тут страшна і небяспечна.