![]()
Зараз Віктар Бугаёў знаходзіцца ў Польшчы. Блогер Віктар Бугаёў тры гады чакаў палітычнага прытулку ў Швецыі, якая ў выніку яму адмовіла. Стваральніка каналаў «Усё аб Дуброўна» і «Хватит врать» улады пачалі пераследаваць за актыўную грамадскую дзейнасць. У верасні супраць яго пачалі новую крымінальную справу, перадае «Польская радыё». Баючыся за бяспеку і жыццё Віктар Бугаёў выехаў у Швецыю, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Там ён працягваў дзейнасць праз сацыяльныя сеткі. Нягледзячы на прадстаўленыя дакументы, якія пацвярджалі апазіцыйную і блогерскую дзейнасць, сабраныя гуказапісы пагрозаў з боку праваахоўных органаў, паручыцельствы лідараў беларускай апазіцыі і праваабаронцаў, у тым ліку старшыні праваабарончага цэнтру Вясна Алеся Бяляцкага, Швецыя адмовіла даць прытулак актывісту. Вярхоўны суд, куды адвакатам была пададзеная скарга, пакінуў яе без разгляду і права абскарджвання. Шведскі бок палічыў, што задакументаваная дзейнасць Віктара Бугаёва не азначае, што яго чакае пераслед у Беларусі.