![]()
Яны разумеюць, што ў краіне поўны прававы дэфолт. Кандыдат псыхалягічных навук, дацэнт факультэту філязофіі і сацыяльных навук Белдзяржунівэрсытэту Тацяна Сініца, якую затрымалі ў Менску 9 лістапада, у дзень маршу пэнсіянэраў, пагутарыла з «Радыё Свабода». Тацяна Сініца — адна з паўсотні выкладчыкаў БДУ, якія выступілі зь відэазваротам «Унівэрсытэт — тэрыторыя свабоды», яна падтрымала студэнтаў-страйкоўцаў. «Людзі там сядзяць выдатныя, фантастычныя»Выкладчыца кажа, што яе затрымалі «дзіўна», бо яна не была ў калёне, а стаяла са студэнтамі ля «Макдональдса». У руцэ трымала кветку, як і бальшыня пэнсіянэраў. «У мікрааўтобусе, які пад’ехаў, ужо былі адчыненыя дзьверцы, выбеглі людзі ў чорным. Студэнты зьбеглі, а я пайшла ім насустрач, людзі ў чорным сказалі, што мяне затрымліваюць». У РУУС на яе склалі пратакол па артыкуле 23. 34 і адвезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна. На наступны дзень суд па скайпе аштрафаваў яе на 810 рублёў. На Акрэсьціна Тацяна Сініца трапіла ў адну камэру зь лекаркамі, якіх затрымалі 7 лістапада, і са студэнткай факультэту міжнародных адносін БДУ Ульянай Масалавай.