![]()
Новая Беларусь будзе будавацца з разуменнем важнай ісціны. Дыктатарская сістэма, нягледзячы на знешні пошлы і танны глянец, дэманстратыўна пампезныя выезды нелегітымнага дыктатара на адкрыццё станцый метро, уручэнне ім генеральскіх пагонаў і ўзнагарод, згніла. У гэтым пераконваюць жыццёвыя рэаліі, дурнота чыноўнікаў і сілавікоў, з якой сутыкаюцца грамадзяне. Зацягнутае супрацьстаянне пратэстуючага народа і ўладнай вертыкалі высвеціла сутнасць двух бакоў. Грамадзяне, адчуваючы сваю прававую і маральную перавагу, пераадольваюць страх прад сілай гвалту і вядуць змаганне за праўду, свабоду і дэмакратыю. Яны выходзяць на маршы, пікеты ў любое надвор’е, дзейнічаюць сумленна, мірна, вытрымана, адкрыта, мужна і смела. Сёння нашы многія людзі — героі, я захапляюся і ганаруся імі. Прадстаўнікі дыктатарскай сістэмы, каб утрымацца ва ўладзе, наадварот, зрабілі стаўку на хлусню, сілавыя і адміністратыўныя метады запалохвання, фальсіфікацыі, арышты, суды, пасадкі. Пасля жульніцкіх выбараў яны спачатку хацелі задушыць усіх, хто пратэстуе, агулам.