Андрэй Федарэнка: Любая дыктатура заканчваецца аднолькава

Усё рухаецца ў адным накірунку – да лепшага. Адна з кніг Андрэя Федарэнкі мае назву “Сузіральнік”. Пісьменнік і сапраўды ўмее сузіраць – і ў жыцці, і ў літаратуры. Сузіраць не абыякава, маўляў, гэта мяне не тычыцца, то няхай сабе і далей плыве па жыццёвай рацэ. Не, хата пісьменніка на беразе гэтай самай ракі стаіць яўна не з краю. Не застаецца вядомы творца раўнадушным і да падзей апошняга часу, пра што мы з ім і пагутарылі ў рэдакцыі «Народнай Волі». – Андрэй, вось ужо тры месяцы ў краіне працягваецца жорсткае супрацьстаянне паміж вялікай часткай грамадства і ўладай. Суботнія жаночыя маршы, панядзелкавыя пенсіянерскія, нядзельныя супольныя… Ужо каля 17. 000 чалавек затрыманы, заведзена амаль 700 крымінальных спраў. Падобных рэпрэсій Беларусь не ведала са сталінскіх часоў. Да чаго гэта можа прывесці?– Для людзей гэта, безумоўна, кепска, а для краіны, як ні парадаксальна, – добра. З краінай нічога дрэннага не будзе. Любая дыктатура заканчваецца аднолькава, і самая цёмная ноч – заўсёды перад світанкам.