«Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш»

Размова зь легендарным выкладчыкам МДЛУ Юрыем Стулавым, які падтрымаў студэнтаў. Юрый Стулаў на пачатку 90-х быў прарэктарам, цяпер кіруе катэдрай замежнай літаратуры. Ягоны выступ перад новай рэктаркай трапіў на відэа і разышоўся па тэлеграм-каналах, паведамляе «Радыё Свабода». Юрыя Стулава называюць адной зь легендаў Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Ён сам вывучыўся тут і пачаў працаваць яшчэ ў 1966 годзе. Цяпер спадар Юрый узначальвае катэдру замежнай літаратуры. «Я ня ведаў, што мой выступ нехта здымае на відэа»Пасьля звальненьня і затрыманьня выкладчыцы МДЛУ Натальлі Дулінай, а таксама адлічэньня найбольш актыўных студэнтаў, каля сотні супрацоўнікаў унівэрсытэту падпісаліся пад лістом на адрас рэктаркі Натальлі Лапцевай. Сярод падпісантаў быў і Юрый Стулаў. «Зварот да рэктара пасьля звальненьня Натальлі Дулінай і адлічэньня студэнтаў я падпісаў таму, што ўсё, што цяпер адбываецца, — гэта жудасна, — кажа выкладчык. — Калі 4 верасьня студэнтаў АМАП хапаў проста ва ўнівэрсытэце, як настаўнік можа гэта проста так прыняць? Людзі спрабуюць паказаць, што яны патрабуюць пераменаў, што яны ніякія не прастытуткі, а звычайныя людзі.