![]()
Яго баяўся Леў Яшын, у яго закусваў Аляксандр Пракапенка. Пра Генадзя Хасіна ёсць два апокрыфы, і абодва яны звязаны з пачуццём страха. Першы: яго баяўся вялікі варатар Леў Яшын. Другі: з ім у машыне баяліся ездзіць пасажыры. І тое, і другое — праўда, хай і памножаная на час, які міфалагізуе любыя падзеі. Яшыну ён сапраўды часцяком забіваў. Галкіпер маскоўскага «Дынама», лепшы варатар свету 20 стагоддзя і алімпійскі чэмпіён-1956, ён нічога не мог зрабіць са страшэнным ударам беларускага нападаючага-самародка. Толькі казаў: «Зноў у Мінску гэты Хас, не ведаеш, што ён будзе рабіць на полі…»Забіць геніяльнаму Яшыну — гэта быў усесаюзны шык і блакітная мара для любога гульца той эпохі, і ўжо адно гэта ўздымала Хасіна ў вачах заўзятараў на недасяжную вышыню. Магутны ўдар гарманічна дапаўняў карціну, месцамі таксама пераходзячы ў фальклор. Кажуць, аднойчы ў Кіеве ён так улупіў па варотах, што мяч куляй заляцеў у сетку — і такой жа куляй адскочыў назад у поле. Усё адбылося імгненна — і суддзя нават не заўважыў, не зафіксаваў гол…Машыну ён таксама вадзіў майстэрскі, яшчэ не ведаючы, што ў незалежнай Беларусі будзе ганяць на буржуйскім BMW да 80 з гакам гадоў.