Ігар Варашкевіч: Людзі не супакояцца і не даруюць рэжыму

У Беларусі нарадзілася нацыя. Размову з музыкам Ігарам Варашкевічам пра новы альбом, запісаны з гуртам «Крама» ў год каранавірусу і прэзыдэнцкіх выбараў, і пра канцэрты ў менскіх дварах апублікавала «Радыё Свабода». — Калі паўгода таму я размаўляў з паэтам Фэліксам Аксёнцавам, ён сказаў, што працуе над тэкстамі для цябе і гурту «Крама», для вашага новага альбому. Ён нават назву альбому паведаміў — «Зацьменны блюз». Што з гэтым альбомам? Ці дапрацаваў Фэлікс тэксты? І ці запісаліся вы?— Так, усё запісана. Цяпер апошняя стадыя — зьвядзеньне і мастэрынг. Праца зацягнулася, праз каранавірус вясною яна спынілася, мы перасталі сустракацца. Напрыканцы траўня мы сабраліся зноў і дазапісалі бубны, і адразу два чалавекі захварэлі, гітарыст і клявішнік. І зноў праца спынілася на месяц ці паўтара. То бок цягам чэрвеня і паловы ліпеня мы нічога не рабілі. А потым пачаліся пасьлявыбарчыя падзеі…Але, тым ня менш, усё зроблена. Мы думалі і пакуль яшчэ думаем над назваю. Бо падчас працы зьявілася думка, каб назваць альбом не «Зацьменны блюз», а іначай.