Дзмітрый Строцаў: Мне на галаву надзелі мяшок і адвезлі ў КДБ

Знакамiты паэт распавёў пра 13 сутак зняволення ў жодзінскай турме. Па вызваленні Дзмітрый Строцаў творца падзяліўся з «Нашай Нівай» уражаннямі ад арышту. «Вельмі пазітыўны досвед, шмат цудоўных сустрэч, у нас была вельмі крэатыўная кампанія. Прыдумалі новы сцяг для артыкула «23. 34», збіраемся адкрыць клуб з назвай «23. 34». З вялікімі напрацоўкамі выходзім на волю. Фармальна мне прад’явілі фрагмент відэа, дзе я ўдзельнічаю ў шэсці 4 кастрычніка. Паколькі ж мяне дапытвалі ў КДБ, то ёсць здагадка, што інтарэс быў больш шырокі. Але канкрэтных размоў пра мае іншыя «правіннасці» не было. Я ішоў дадому з «Беларусбанка», але за некалькі крокаў ад пад’езда мне надзелі на галаву мяшок, пагрузілі ў мікрааўтобус і, як я потым зразумеў, адвезлі ў КДБ на Камсамольскую. У КДБ мы знаходзіліся гадзіны паўтары, знаёміліся, як мне здаецца. Я адмаўляўся ад усяго, але ў мяне не быў заблакаваны тэлефон, і там яны знайшлі мноства дадатковых матэрыялаў, якія маглі неяк падставіць іншых людзей. Таму я пагадзіўся на той эпізод, дзе быў адзін.