Барыс Хамайда да Уладзіміра Плешчанкі: Нарэшце ўсё пачалося!

У Вiцебску ўшанавалi памяць вядомага мясцовага апазiцыянера. Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда ў першыя лістападаўскія памінальныя дні абавязкова адведвае магілу свайго сябра Уладзіміра Плешчанкі, паведамляе Радыё Рацыя. Некалькі дзясяткаў год яны разам выходзілі да так званага “сіняга дома” ў цэнтры Віцебска, каб ладзіць пікеты ці раздаваць улёткі, ці проста размаўляць з гараджанамі – да самай смерці спадара Плешчанкі ў 2006-м годзе. З тае пары Барыс Хамайда выходзіць да “сіняга дома” адзін і робіць усё тое, што яны калісьці рабілі ўдвух… Да месца апошняга спачыну сябра на Фальковіцкіх могілках спадар Хамайда прыйшоў, каб сказаць галоўнае:– Падымаўся на гару тут перад могілкамі, і думаў, якое б такое слова сябру сказаць, каб было адразу ўсё зразумела. Вось падышоў у сказаў: “Сябра, пачалося!” Мы столькі гадоў чакалі, кідалі гэтае зерне ў глебу, і нарэшце яно дала плён. Пачалося!”Сваю вандроўку Барыс Хамайда спланаваў асобна, але каля магілы Уладзіміра Плешчанкі яго сустрэлі і іншыя людзі, якія прыйшлі аддаць даніну памяці вядомаму віцебскаму апазіцыянеру.