Алесь Бяляцкі: Супраць народу ўлады разьвязалі сапраўдны тэрор

Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў. У панядзелак 2 лістапада Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што пасьля нядзельнай акцыі ў Менску «Дзяды» пачаў крымінальную справу за арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342 КК РБ), паведамляе svaboda. org. І падазраванымі па гэтай справе адразу прызнаны ажно 231 чалавек. Сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца, паведамляе СК. Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выказаўся з нагоды новай маштабнай крымінальнай справы. «За апошнія тры месяцы 2020 году ў Беларусі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту былі арыштаваныя каля 17 000 чалавек, каля 1000 асобаў падазраюцца ці абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах па палітычных матывах. Супрацоўнікі міліцыі падчас масавых маніфэстацыяў у жніўні гэтага году забілі Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, Аляксандр Віхор памёр пасьля затрыманьня ў аўтазаку, Мікіта Крыўцоў загінуў пры нявысьветленых абставінах.