![]()
Зараз самы навальнічны час у гісторыі Беларусі. З паэтам Эдуардам Акулінам пагаварыла журналістка «Радыё Свабода» Валянціна Аксак. — Раскажыце, як было з вашым затрыманьнем?— Гэта здарылася недзе каля 10:30 ранку на праспэкце Дзяржынскага побач са станцыяй мэтро «Малінаўка». Мы стаялі ў ланцугу салідарнасьці, калі раптоўна, акурат насупроць мяне, спыніўся невялікі белы бус і адтуль, як гарох, высыпалі байцы АМАПу, апранутыя ў чорную форму… Зразумела, што мы сталі ўцякаць… За мной пагналіся адразу двое… Акружылі з двух бакоў, і, пачуўшы злосны вокліч «Стаяць, міліцыя!», мне нічога не заставалася, як падпарадкавацца… Мяне амаль культурна, пад рукі завялі і пасадзілі ў бус… Я сказаў, што зьяўляюся журналістам і маю пасьведчаньне без акрэдытацыі… «Тады яно несапраўднае», — пачуў у адказ. Амапаўцы былі ўзброеныя гумовымі дубінкамі, а таксама пісталетамі і газавымі балёнчыкамі на папругах… Шчыра прызнаюся, да мяне паставіліся зь нейкай доляй павагі, нават пасадзілі ў крэсла, загадалі зьняць маску і зрабілі відэафіксацыю… А вось яшчэ дваіх палоньнікаў, маладых хлапцоў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах, паставілі на калені, нахілілі тварамі ў падлогу і па некалькі разоў «ахрысьцілі» па сьпінах дубінкамі… Мяне ўразілі іх вочы.