Балаклавы здзёрты

А далей усё залежыць ад саміх беларусаў. Дыктатары і іхнія паслугачы любымі спосабамі спрабуюць знішчыць праўду, здаровы сэнс жыцця. Яны абараняюць цемрашальскую сістэму хлуснёй, фальсіфікацыямі, падтасоўкамі, правакацыямі і нават зброяй. У такіх умовах многім грамадзянам веданне рэальнай сітуацыі недаступна. Развіццё падзей паказвае, што беларускі народ — гэта несумненны герой сучаснай эпохі, бо ў 2020 годзе ён выйшаў з інфармацыйнага вакууму, з грамадзянскай абыякавасці і нанёс планетарнаму злу і гвалту паразу. Наш мірны, багаты гуманістычнымі і маральнымі выявамі пратэст каштоўны сваім прыкладам. Ён выходзіць за межы краіны, бо дапамагае ў праўдзівым святле ўбачыць жыццё ўсяго чалавецтва, якое змагаецца з гвалтам. Мне як чалавеку, датычнаму да вобразнасці, усе стваральнікі і служкі дыктатарскіх сістэм бачацца ў чорных масках. Беларускія жанчыны, якія здзіраюць балаклавы з садыстаў-амапаўцаў, сталі самым яркім сімвалам цяперашняга хлуслівага, прадажнага і пустога часу. Для таго каб убачыць яго заганы, трэба зрываць заслону сакрэтнасці, таемнасці, якая адгароджвае ўладу ад народа.