Андрэй Хадановіч: У Беларусі адбываецца штосьці неймаверна душэўнае

Вядомы бард і паэт падзякаваў Сяргею Ціханоўскаму. Журналіст «Радыё Свабода» Ян Максімюк пагутарыў з паэтам Андрэем Хадановічам пра песьню «Муры» і пра тое, чым ён займаўся падчас сёлетняй рэвалюцыі ў Беларусі. — Спачатку запытаю вас пра тое, пра што, магчыма, шмат хто ўжо ведае. Але, як думаю, пра гэта будзе прыемна пачуць ад вас яшчэ раз ня толькі аднаму мне. Як гэта было зь песьняй «Муры», якая па сутнасьці стала гімнам выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай?Пачалося з польскай вэрсіі— З «Мурамі» было не адразу і ня сёлета. Усё пачалося дзесяць год таму, але пры вельмі падобных абставінах. Быў сьнежань 2010-га, адбыліся «выбары», калі можна так у двукосьсі зазначыць, чарговы раз былі фальсыфікаваныя. І я 19 сьнежня вырашыў, што пайду, як шмат хто іншы, на мітынг пратэсту. Я якраз займаўся тэкстамі Качмарскага, думаў пра будучы альбом, які ўрэшце праз пару год і зьявіўся. І я падумаў: а чаму б мне на гэтым мітынгу не пачытаць ня ўласныя тэксты? Заўсёды ёсьць небясьпека нейкай мітынгоўшчыны.