Арцыбіскуп Кандрусевіч: Я са сваім народам, а народ са мной!

Беларускі іерарх распавёў пра жыццё пад Беластокам і візіт у Ватыкан. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч некалькі дзён правёў у Ватыкане. Шматгадзінная сустрэча ў Дзяржсакратарыяце была канструктыўнай, прызнаўся ў інтэрв’ю Vatican News беларускі іерарх. Мы доўга размаўлялі пра складанасць сітуацыі ў Беларусі і ў мясцовым Касцёле. Таксама сустрэча была прысвечана пошуку шляхоў вырашэння складанай сітуацыі, у якой знаходжуся сёння асабіста я. Хачу сказаць, што Святы Пасад сапраўды прыкладае шмат намаганняў, каб праблема была хутчэй вырашана. Спадзяюся, што наступныя крокі, якія будуць зроблены з боку Святога Пасаду, дапамогуць у хутчэйшым вырашэнні праблемы, - паведаміў арцыбіскуп. Іерарх прыехаў у Ватыкан па запрашэнні Дзяржаўнага сакратарыята. Галоўнай мэтай візіту была сустрэча з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці, і арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Нагадаем, што ў сярэдзіне верасня 2020 г. у Беларусі з візітам знаходзілася ватыканская дэлегацыя, якая правяла перамовы і з дзяржаўнымі ўладамі, і з каталіцкім епіскапатам.