![]()
Перамога над цемрай будзе за Беларусамі. Дарагія землякі, паважаныя Беларусы, змагары за Вольную Беларусь!Сёньня, 19 кастрычніка, знакаміты Дзень нашай гісторыі, які запачаткаваў адраджэньне незалежнай Беларусі. 19 кастрычніка 1988 года ў будынку Чырвонага касьцёла Сымона і Алены ў Менску быў створаны Беларускі Народны Фронт Адраджэньне. Віншую ўсіх са слаўнай датай!Пры камуністах, якія сачылі, каб Фронт у Беларусі не стварыўся, гэта была надзвычайная падзея. Узьнік моцны народны рух, які паставіў задачу збавіцца ад камунізму і адрадзіць незалежную Беларусь. На той час гэта здавалася амаль немагчымым, але фронтаўцы змаглі стварыць нешматлікую, але моцную фракцыю ў камуністычным Вярхоўным Савеце (Апазыцыю БНФ). Яна стала авангардам змаганьня супраць камунізму за незалежнасьць Айчыны. Пры шырокай падтрымцы народа, які абуджаўся на барацьбу, дзякуючы Фронту, была дасягнута Незалежнасьць Беларусі і спынена дзейнасьць таталітарнай прамаскоўскай камуністычнай партыі (КПСС) у нашай краіне.