![]()
Бярлінскі мур рухнуў, рухнуць і нашы муры. Германія адзначыла 30-ю гадавіну адзінства, якая наўрад ці адбылася б без усходненямецкіх дысідэнтаў, дзейнасць якіх на некаторых этапах гісторыі падавалася ўвогуле бесперспектыўнай. У 1986 годзе ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР) адбылася важная падзея. Рэспубліку наведаў Тэа Зомер — галоўны рэдактар штотыднёвіка Die Zeit, аднаго з вядучых заходненямецкіх ліберальных СМІ. Па слядах ваяжу журналіст засведчыў, што нямецкая сацыялістычная дзяржава знаходзіцца ў добрым стане, і ніякіх прыкмет яе калапсу на гарызонце не бачна. Сваё, як пакажа час, памылковае рэзюмэ гер Зомер, напэўна, рабіў у тым ліку аналізуючы стан мясцовага апазіцыйнага руху. На той час дысідэнты Усходняй Германіі ўяўлялі сабой дастаткова сумнае відовішча. У цэлым палітычна актыўная апазіцыя ў ГДР была абмежаваная некалькімі тысячамі чалавек з вельмі амбівалентнымі платформамі. Слабасць апанентаў рэжыму была абумоўленая ў тым ліку шэрагам гістарычных фактараў.