![]()
Ён страціў шанец своечасова сысьці з пасады. — 26 гадоў аднаасобнага праўленьня пры адсутнасьці паўнавартаснай зваротнай сувязі з грамадзтвам не мінулі бясьсьледна, — пiша Валер Карбалевiч. — У такіх умовах палітычнае чуцьцё, якое раней ня раз ратавала Лукашэнку ў крытычнай сытуацыі, прытупляецца, атрафуецца. Ён больш не адчувае электрычнае поле соцыюму, якое не вымяраецца нават сацыялёгіяй. Самазабыўнае зачараваньне ўладай ператвараецца ў самаінтаксыкацыю. Гэтая заканамернасьць тычыцца ўсіх дыктатараў, якія доўгі час знаходзяцца пры ўладзе. Без выключэньня. Лукашэнка апошнімі гадамі стаў дазваляць сабе рэчы, якія можна разглядаць як выклік для грамадзкай маралі. Напрыклад, ён часта зьяўляўся на публіцы побач з прыгожымі маладымі дзяўчатамі. Прычым ня толькі падчас адпачынку. Прыгажуні сталі спадарожнічаць яму і ў працоўных паездках. Прэзыдэнт паўстаў у вобразе нейкага ўсходняга валадара эпохі Сярэднявечча. Што, зразумела, не дадало яму павагі з боку беларусаў. Палітычны лёс Лукашэнкі — гэта выдатная ілюстрацыя вядомага выслоўя, што ад любові да нянавісьці — усяго адзін крок.