Нязломная прага свабоды

Апошнія канвульсіі дыктатуру не ўратуюць. Перад іншымі перыядамі чалавечага ўзросту ў старасці пераваг амаль няма. Яна прыносіць упадак сіл, хваробы, боль, пакуты, страту родных і блізкіх людзей. Але адзін пазітыў маецца. Гэта жыццёвы вопыт, магчымасць згадваць, параўноўваць, бачыць вытокі сучасных праблем і рабіць высновы. Мае назіранні за станам беларускага грамадства, і ўвогуле чалавецтва, пацвердзілі старую ісціну: у амаральнасці, якая выяўляецца ў зямным быцці, ёсць маці – цынічная хлусня. Адкуль і як яна з’яўляецца? Узнікае хлусня тады, калі няпаўнавартаснаму, але амбітнаму і агрэсіўнаму індывіду або мафіёзнай, мілітарызаванай арганізацыі трэба прыкрыць сквапныя інтарэсы, злачынствы і нават забойствы. Усю гісторыю суверэннай Рэспублікі Беларусь суправаджае масіраваная, бесперапынная хлусня дзяржаўных службоўцаў, ідэолагаў, прапагандыстаў, СМІ. Моладзь гэтага не ведае, а перада мной разгортваецца маштабная панарама татальнага падману і заблытвання насельніцтва, пачынаючы з даўно забытых стрэлаў пад Лёзна.