Надышоў час пісаць слова «Беларус» зь вялікай літары

У гэтым ёсьць прызнаньне і павага да нацыянальнай годнасьці. Пасьля падзеяў апошніх трох дзён у Беларусі і новай хвалі гвалту супраць беларускага народу з боку сілавых структур, дрэнна сьпіцца. У сёньняшнюю бяссонную ноч мне падумалася, што пакуль большасьць з нас сьпіць або бяссонна варочаецца ў сваіх ложках, прыблізна паўтары тысячы беларусаў, часта ў нялюдзкіх умовах, знаходзяцца ў турмах паводле крымінальных або адміністрацыйных справаў. Гэтыя людзі зьняволеныя толькі за тое, што хацелі лепшай будучыні для сябе і свайго народу. Іншыя тысячы беларусаў ужо прайшлі праз гвалт, катаваньні, турмы і зьнявагу за тое ж. А некаторыя былі забітыя або зьніклі бязь вестак. І гэта толькі рэальнасьць нашага часу. За плячыма народу ў гісторыі — сотні тысяч і мільёны ахвяраў. Гэта — страшная цана нашай будучай свабоды. Ня мы адны яе плацім. Часам яна бывае і больш страшнаю, шмат якія народы за свабоду ваявалі, многія яе так і не здабылі. Тым ня менш, насуперак усяму, што рабілася ў краіне апошнія 26 гадоў, наш народ нечакана для вонкавых назіральнікаў вырас і ператварыўся ў нацыю.