![]()
Iдыятызм рэжыму Лукашэнкi не перастае здзiўляць. 2 кастрычніка, у дзень настаўніка, стваральніца веларуху ў Гомелі Святлана Кароль са сваімі знаёмымі вырашылі ўскласці кветкі да помніка Ірыне Паскевіч, якая калісьці шмат зрабіла для распаўсюджвання адукацыі ў Беларусі, паведамляе nashaniva. by. Але праз 10 хвілін пасля сустрэчы жанчын да іх прыехалі два бусы амапаўцаў. У рапарце супрацоўнік АМАПу напісаў: «Ускладалі кветкі без дазволу гарвыканкама да помніка Сускевічу ў адзенні палітычнага колеру». Пра затрыманне, «палітычныя колеры» і міфічнага Сускевіча Святлана распавяла «Нашай Ніве». «2 кастрычніка перад працай а 7:30 раніцы мы прыехалі да помніка з кветкамі. У кагосьці былі астры, у кагосьці — ружы, хтосьці хрызантэмы ўзяў. Нас было пяцёра. Чацвёра з нас — педагогі, — расказвае Святлана. — Інфармацыю пра нашу сустрэчу мы нідзе не размяшчалі — толькі ў нашым асабістым чаце вузкага кола. У 7:40, праз 10 хвілін пасля сустрэчы, мы зрабілі фатаграфію ля помніка. І тут жа падязджаюць два мікрааўтобусы з 10-12 сілавікамі ў балаклавах».