Гарадзенскі святар Павел Каспяровіч: Перамены ўжо адбыліся

Беларусы паказалі сябе героямі. Святар Павел Каспяровіч, які неаднаразова выказваў сваю пазіцыю наконт гвалту “сілавікоў”, лічыць, што перамены ў Беларусі ўжо адбыліся, паведамляе «Радыё Рацыя». – Калісьці ў 1997 годзе я хацеў напісаць песню, яна не атрымалася. Я помню два радкі з гэтай песні. Яна была на рускай мове. Але я пераклаў на беларуску. “Я веру, што позна ці рана, Гасподзь забірае тыранаў”. Я думаю, што цяпер адбываецца агонія таго рэжыму, які ў нас існуе. Калісьці агонія завершыцца. Ці доўга гэта будзе, цяжка сказаць. Бо калі, напрыклад, у Польшчы пачалося ў 80-81 годзе, а завершылася ў 89-ым. Цэлыя дзевяць гадоў ішоў гэты працэс пераменаў. фота: racyja. com Святар Павел Каспяровіч кажа, што да жнівеньскіх падзей ён не верыў у беларусаў. – Не было ніякіх адчуванняў радасці, светласці. Я са сваімі сябрамі размаўляў, калі былі такія настроі энтузіязму, то казаў, няўжо вы думаеце, што так усё зменіцца, што выбары пройдуць, прэзідэнт складзе свае паўнамоцтвы, пойдзе на пакой пісаць мемуары, пагадзіцца на тое, што можа быць суд.