Зоя Белахвосцік: Купала радуецца за нас і ганарыцца намі

Зорка Купалаўскага тэатра распавяла пра народную падтрымку артыстаў. У жніўні 2020 разам з большасцю артыстаў трупы Зоя Белахвосцік сышла з Купалаўскага тэатру на пратэст супраць звальнення дырэктара Паўла Латушкі, а 4 верасня актрыса даведалася, што кантракт з ёй не будзе працягнуты і ў Акадэміі мастацтваў, дзе яна больш за 20 год выкладала курс акторскага майстэрства. Пра тое, як усё адбывалася, куды ўсё ідзе і свае пачуцці — у гутарцы з сайтам tuzinfm. by. Зоя Белахвосцік – народная артыстка Беларусі, акторка Купалаўскага тэатра ў трэцім пакаленні. У тэатр прыйшла ва ўзросце 22 гадоў. Першай роляй стала Паўлінка ў аднайменным спектаклі. На сцэне – сорак гадоў. — Звальненне з Акадэміі стала для Вас нечаканасцю, альбо Вы прадугледжвалі такі расклад?— Я падазравала, што так будзе. Калі ў нас такая ўлада, якая спачатку кажа: “Хай купалаўцы ідуць і арэндуюць памяшканні”, а потым ўсе шляхі закрывае - тады як мы хочам проста працаваць, зарабляць грошы, ладзіць добрыя канцэрты – то можна было прадбачыць і такое.