Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт: Ключ да посьпеху дэмакратыі ў Беларусі — у настойлівасьці

Інтэрвію з аўтарам новага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі». Аўтар новага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт гаворыць пра галоўную памылку ранейшых захадаў, тлумачыць, як беларускі «Акт» 2004 году стаў правобразам глябальнага «Акту Магніцкага», адказвае «Радыё Свабода», чаму ў разгар выбарчай кампаніі ў ЗША амэрыканскія палітыкі думаюць пра Беларусь. — Кангрэсмэн Сьміт, вы — адзін з хросных бацькоў першапачатковага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» і адзін з найбольш чутных галасоў у справе гэтага закону. Цяпер вы зноў выступаеце як адзін са спонсараў падобнага заканадаўчага акту. Гэта дэжа-вю ці нешта іншае?— Гэта працяг змаганьня. Калі я складаў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» ў 2004 годзе і выступаў як адзін зь першапачатковых спонсараў, большасьць людзей тады насамрэч упершыню зьвярнула ўвагу на Беларусь. Потым я яшчэ рабіў гэта два разы, і за кожным разам трэба было моцна змагацца, таму што вакол гэтага было шмат дэзынфармацыі. Маю найбольшую занепакоенасьць заўсёды выклікала тое, што ўсе выказвалі заклапочанасьць у кароткатэрміновай пэрспэктыве, а потым міжнародная супольнасьць ішла спаць.