«Кожны неабыякавы чалавек хоча цяпер быць карысным»

Беларусы пра свае яскравыя вобразы на пратэстах. «Радыё Свабода» паразмаўляла з беларусамі, якія прыдумалі крутыя пратэставыя касьцюмы і зладзілі пэрформансы. «Мы баімся і ідзём, бо іначай ужо немагчыма»Гэта Дар’я, яна працуе ў сфэры культуры. У такім вобразе яна выходзіла на вуліцы пасьля таго, як пайшла моцная хваля нэгатыву да бела-чырвона-белых сьцягоў. «Стала крыўдна, бо гэтае спалучэньне колераў роднае для беларусаў. Гэты строй я сабе пашыла гадоў 10 таму, апранаю на розныя сьвяты і імпрэзы. Адна з галін майго роду паходзіць з-пад Кобрыні, таму і строй сабе пашыла менавіта кобрынскі. Для поўнага камплекту толькі наміткі не хапае, яе я замяніла на хустку». «Мне здаецца, нейкі страх прысутнічае ў большасьці людзей, якія выходзяць цяпер на акцыі. Але мы баімся і ідзём, бо іначай ужо немагчыма. Міліцыі і АМАПу я пакуль не пападалася, а ад астатніх толькі пазытыў. Падыходзяць фатаграфавацца, дзякуюць за тое, што прыйшла ў народным строі. Ня ведаю, ці буду выходзіць у ім яшчэ, але выходзіць абавязкова буду».