![]()
Яго арыштавалі яшчэ 11 жніўня. 16-гадовага Мікіту Залатарова з Гомля трымаюць у СІЗА, яго арыштавалі дома 11 жніўня. Падлетка абвінавачваюць у хуліганстве па частцы 3-й артыкула 339. Нібыта Мікіта кінуў у бок супрацоўніка міліцыі, які за ім гнаўся, бутэльку меркавана з запальнай сумесьсю. Бацька Міхаіл Лапуноў сказаў «Радыё Свабода», што сьледзтва ня мае ніякіх доказаў, Мікіта не вінаваты і віны не прызнаў. «Як мне вядома, там нічога не гарэла, ніхто нічога не падпальваў, нічога ні ў кога ня трапіла. Я нават размаўляў з гэтым міліцыянтам. Пытаю, табе што, у галаву трапілі, ці што? Ён нічога не хацеў казаць. Я магу толькі меркаваць, што было б з маім Мікітам, калі б яго дагналі супрацоўнікі. Калі дапусьціць, што ён уцякаў, як яны кажуць. Мікіта мой наогул нічога ня кажа, ён маўчыць. Я яму даў указаньне, каб без адваката і безь мяне ні з кім ні пра што не гаварыў», — кажа Міхаіл. Мікіту арыштавалі дома, калі бацька быў на працы. Напярэдадні хлопчык быў на плошчы, дзе праходзіў мітынг, на прыпынку чакаў сябра.