![]()
Пуцін і Лукашэнка нічога нявартыя перад воляй беларусаў. У Беларусі аформіліся дзве гранічна кантрастныя чалавечыя сілы. Гэта дабро і зло. Яны распазнаюцца нават візуальна. Дабро выступае мірна, з адкрытым абліччам, усветлым адзенні, узнімае бел-чырвона-белы сцяг. Зло хаваецца ў кабінетах, а на вуліцы выходзіць узброенае да зубоў пад чорнымі «балаклавамі» і маскамі. Маштабнае палітычнае супрацьстаянне настолькі выразна падзелена на белае і чорнае, што браць пад увагу «балота» няма сэнсу, бо ў прынцыповым змаганні дабра і зла яно нічога не азначае і не вырашае. Мая ўвага найперш скіравана на дабро, бо яно ў зямным жыцці больш істотнае. Калі б у супрацьстаянні дзвюх сіл урэшце перамагала не яно, то чалавецтва даўно б растварылася ў абсалютным зле, як у беспрасветнай імгле. Падзеі паказалі, што ў сэрцах і душах беларусаў назапашаны багацейшыя радовішчы дабра, якія цяпер раскрываюцца. Цяжка сказаць, што стала галоўным штуршком для перарастання затурканага, панурага насельніцтва ў смелую, мужную, спагадлівую, усмешлівую і светлую нацыю – абразлівая пагарда рэжыму да грамадзян, адмаўленне дыктатарам каранавірусу, хлусня, нахабства, цынізм улады і ЦВК у час выбараў, крывавы разгон мірных пратэстаў 9 – 13 жніўня, катаванні ў месцах зняволення ці далейшы садызм сілавікоў? Відаць, усё гэта разам! Але працэс рэалізацыі запасаў сардэчнага і душэўнага дабра беларусаў на карысць лепшай будучыні нацыі пайшоў, яго ніхто і нішто не спыніць.