Імунітэт супраць дыктатуры

2020 год стаў лёсавызначальным для беларусаў. Цяпер на дзесяцігодзьдзі ў памяці беларусаў застанецца, што аўтарытарызм — гэта ня проста неадэкватныя заявы нездаровага кіраўніка, ня жартачкі, не пацешныя мітынгі прыгонных «ябацек». Гэта зьверствы, забойствы, гэта адбіраньне дзяцей, гэта ўдар з развароту маёрскім кулаком у твар жанчыны, гэта валачэньне ў аўтазак цяжарнай, гэта арышты ратавальнікаў за тое, што не дазволілі людзям патануць. Нярэдка кажуць — як добра было б, калі б Лукашэнка сышоў раней. Напрыклад, у якім 2006 годзе. Ну ці хаця б у 2015-м. З пункту гледжаньня пакутаў, якія нам, беларусам, яшчэ давядзецца вытрымаць праз агонію цяперашняга крымінальнага рэжыму, гэта, вядома ж, было б лепей. А ў нейкай фантазійнай і прыгожай альтэрнатыўнай беларускай гісторыі ўвогуле «лепей» было б, каб лукашэнкаўскай дыктатуры не было ў прынцыпе, і быў бы гэта чужы жахлівы сон. Але з гледзішча ўрокаў гісторыі парадаксальным чынам заканамерна і, на жаль, непазьбежна, што мы дайшлі да сёньняшняй, жахлівай і нялюдзкай стадыі аўтарытарызму і дыктатуры.