Вернікі Гродна памаліліся за шчаслівую будучыню для Беларусі

Малітва адбылася ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. 19 верасня ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбылася малітва аб шчаслівай будучыні для Беларусі. На малітве сабраліся вернікі горада, піша catholic. by. Ініцыятарамі адмысловага набажэнства стала група моладзі з мясцовага душпастырства Open. Арганізаваць святую Імшу ў інтэнцыі Беларусі маладых людзей падштурхнуў грамадска-палітычны крызіс і сітуацыя з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, якому было адмоўлена ў вяртанні на Радзіму. Цэлебрацыю ўрачыстай Імшы ўзначаліў рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза. У гаміліі святар спачатку звярнуў увагу на грахі мінулага, падкрэсліваючы, што пакуль не будзе агучана і асуджана зло, здзейсненае ў эпоху савецкага атэізму, да таго часу яно будзе працягвацца. «Падобна і з падзеямі 9-11 жніўня ў Беларусі. Патрэбна, каб мела месца пакаянне за гвалт, за ім будзе прабачэнне і пасля будзе магчымае вырашэнне крызісу», — дадаў святар. Рэктар гродзенскага касцёла паразважаў таксама пра нязломнасць духу, калі чалавек цалкам прымае ў сабе несмяротнага Езуса: «Гэта дазваляе быць трывалым у сумленным выбары, кіравацца агульным інтарэсам, а значыць, пакрысе змяняць свет, пачынаючы з сябе».