У Гродне акцёры драмтэатра спынілі спектакль, калі даведаліся, што іх калег затрымаў АМАП

Cыграць акцёры змаглі толькі першы акт. 20 верасня Гародня праславілася тым, што амапаўцы падчас мірнага маршу зацягнулі ў аўтазак цяжарную жанчыну, піша nashaniva. by. А яшчэ тым, што акцёры Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра не змаглі працягнуць спектакль, даведаўшыся, што на вуліцы затрымалі іх калег — заслужанага артыста Беларусі, рэжысёра-пастаноўшчыка і акцёра Сяргея Курыленку і яго жонку Валянціну Харытонаву, якая таксама служыць у тэатры. На сцэне ў гэты вечар гралі «Вельмі простую гісторыю» — трагікамедыю па п’есе Марыі Ладо, дзеянні якой разгортваюцца ў хляве, а дыялогі прамаўляюцца жывёламі, што там знаходзяцца. Аднак сыграць акцёры змаглі толькі першы акт. Справа ў тым, што ў антракце ім паведамілі: затрыманыя іх калегі, Сяргей і Валянціна. Зрабіла гэта дачка Сяргея Ксенія: яна хоць зараз і жыве ў ЗША, але, убачыўшы ў СМІ фотаздымак, на якім бацькоў вядуць у аўтазак, аператыўна пачала пісаць і званіць знаёмым у тэатр з просьбай дапамагчы і даведацца, што будзе з татам і маці.