Агонію рэжыму Лукашэнкі бачыць увесь свет

Беларусы прымусяць дыктатара сысці - у гэтым няма ні на хвіліну сумневаў. Для кагосьці палітычныя падзеі ў Беларусі — гэта толькі інфармацыйная ежа, якую большасць насельніцтва планеты паглынае і ўспрымае будзённа, без асаблівых эмоцый: ці мала што адбываецца ў свеце кожны дзень? Зусім па-іншаму рэагуем на іх мы — непасрэдныя ўдзельнікі, грамадзяне краіны. Палітыка, якой палохаліся і пазбягалі мільёны звычайных людзей, раптоўна ўкруціла ў бязлітасны вір абсалютна кожнага жыхара, бо сёння ніхто не можа застацца абыякавым статыстам. Тым больш, што мірныя пратэсты грамадзян супраць яўных і дакументальна пацверджаных масавых фальсіфікацый на выбарах сустрэлі яшчэ невядомы дасюль накат татальнага тэрору ад уладнай вертыкалі і сілавікоў. Дыктатар, а ён ужо канчаткова замацаваў за сабою гэты змрочны статус, калі дазволіў страляць па людзях, у тым ліку па жанчынах, гумовымі кулямі, кідаць ім пад ногі святлошумавыя гранаты, труціць газам, сапраўды аб’явіў знішчальную вайну народу.