![]()
Мы чуем, Сяргей. Як гэта водзіцца апошнім часам, Смалявічы і самі даведаліся аб самападпале Сяргея Радчэні з тэлеграму. Звычайна ў нас любыя весткі разносяцца ў імгненьне вока, а тут горад нібыта язык праглынуў. Тое, што адбылося, немагчыма было ані дадумаць, ані прадказаць, ані патлумачыць, ані здагадацца. Раней кожная чутка ў адну хвіліну абрастала ў нас падрабязнасьцямі, дапушчэньнямі, мясцовай аналітыкай і тлумачэньнямі. А тут — нечуваная, да звону ў вушах, цішыня. Памятаю, як некалькі гадоў таму стаяла ў чарзе ў мясцовым аддзяленьні банку, і туды забегла жанчына: «Людзі, Арцёмку майго ня бачылі? Арцёмка начаваць не прыходзіў». Яна не пасьпела яшчэ зьбегчы з прыступак, а я ўжо ведала, што Арцёмка — яе старэйшы сын, харошы хлопец, працавіты, спакойны, і што бачылі яго зь вечара на вуліцы з кампаніяй, а потым бачылі аднаго. А пакуль я дайшла да дому — ужо ўсе дазналіся, што мамка знайшла яго — павешаным у закінутым доме. Дазналіся нібыта з паветра, бо смалявіцкае паветра імгненна перадае чалавечую трывогу.