«Бачу свае сьцягі на акцыях і вельмі ганаруся»

Гісторыя менчука, які шые бел-чырвона-белыя штандары. 21 верасьня ў Эканамічным судзе Менску адбудзецца суд над чалавекам, які шые і прадае бел-чырвона-белыя сьцягі. Цяпер ён працуе як рамесьнік, але на момант кантрольнай закупкі гэтага статусу ня меў. Судзіць Аляксандра будуць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Сам ён з гэтым ня згодны, перадае «Радыё Свабода». «Пазнаю свае сьцягі на вуліцах»«Пашыў некалькі сьцягоў, раздаў сябрам і размясьціў аб’яву, што пашыю на замову. І тут да мяне прыйшлі», — кажа Аляксандар. Аляксандар расказаў, як праходзіла кантрольная закупка, вынікам якой стала позва ў суд. «Напярэдадні пазваніў мужчына, сказаў, што ім трэба 10 такіх сьцягоў. Пасьпеў пашыць толькі адзін сьцяг, як 28 жніўня яны прыйшлі ўтрох, паглядзелі на мой сьцяг, заплацілі 25 рублёў і тады дасталі „корачкі“. Потым павезьлі мяне на сваёй машыне ў райаддзел, а па дарозе патрабавалі, каб узяў на сябе выраб яшчэ 10 сьцягоў, якія былі ў іх у машыне. Казалі, што іх пашыла нейкая цяжарная дзяўчына, і калі я не хачу, каб цяжарную судзілі, дык мушу ўзяць на сябе яе віну.