Аляксей Марачкін: Мы ўдзельнікі вайны Дабра са Злом

Вядомы мастак прадставiў карціну «Армагедон». 17 верасьня ў менскім Палацы мастацтва завяршаецца выстава Аляксея Марачкіна, прымеркаваная да 80-годзьдзя творцы. Стрыжнёвая праца яе — «Армагедон», яна пра супрацьстаяньне новай і старой Беларусі. Такую ж назву атрымала ўся юбілейная экспазыцыя. «Некаторыя працы адпачатку ня маюць шанцаў на шырокі паказ»Павіншаваць мастака з прамінулым юбілеем прыйшлі сябры, калегі, землякі і прыхільнікі творчасьці Аляксея Марачкіна. Кожны на памяць пра падзею атрымаў аўтарскі эскіз ці накід да будучай жывапіснай працы. «Мне пашчасьціла сябраваць зь вялікім мастаком, — гаворыць Мечыслаў Бурак. — Сустрэліся мы ў канцы агоніі саветаў, калі ў 1989-м ладзілі адзін зь першых мітынгаў ля менскага Палацу чыгуначнікаў. І вось ад таго часу трымаемся разам. Дзякуй, дарагі чалавек, за жыцьцёвы аптымізм, за натхняльны дух, за радасьць высокай культуры мастацтва». У гутарцы з «Радыё Свабода» Аляксей Марачкін расказаў, што ўсяго выстаўлена прыкладна 80 карцін — па адной на кожны год жыцьця.