Уладзімір Някляеў: Адчуванні аптымістычныя, мы ўратуем нашу Беларусь

Узурпатара, які прайграў прэзідэнцкія выбары, народ адхіліць ад улады. У рамках спецпраекту «Што далей?» экс-кандыдат у прэзідэнты-2010 Уладзімір Някляеў расказаў «Салідарнасці», чаму з аптымізмам глядзіць на сітуацыю і якім бачыць супраціў планам Пуціна. — Навіны верасня: суды, заявы расійскага боку, перамовы Лукашэнкі з Мішусціным мала даюць падстаў для аптымізму. Ці, можа, ў вас іншыя адчуванні? — Адчуванні якраз аптымістычныя. Бо сёння ўпасці ў песімізм будзе азначаць прайграць Беларусь. Але, канешне, тую небяспеку, якая ёсць перад нашай Айчынай, я бачу дастаткова выразна. Лукашэнка акрэсліў план, сказаўшы, што яны з Пуціным створаць для беларусаў нейкую новую Айчыну, якая будзе пралягаць ад Брэста да Уладзівастоку. Што гэта за Айчына зразумела: Беларусь у складзе Расійскай Федэрацыі. Пуцін выконвае свае абяцанні. Безумоўна, гэта будзе зроблена не праз наўпростую ваенную інтэрвенцыю, бо гэта пагражае Расіі вялізнымі стратамі і нясе пагрозу ўладзе самога Пуціна. Гэта будзе зроблена праз гібрыдную акупацыю, якая па сутнасці ўжо пачалася.