![]()
Канцэрт з’яўляецца выразам салідарнасці палякаў з суседзямі з Беларусі. У пятніцу, 11 верасня а 21:30, адбыўся канцэрт «Граем для Беларусі» з удзелам вядомых польскіх і беларускіх музыкаў. Яго можна будзе паглядзець на «Белсаце», на YouTube-канале «Белсат Музыка», а таксама на трох каналах польскага тэлебачання TVP. Разам з зоркамі польскай эстрады – Эдытай Гурняк, Кацярынай Царквецкай, Станіславам Сойкай, Касяй Мос, Ігарам Хербутам, Янушам Радкам, Рэні Юсіс, Слаўкам Унятоўскаім і Міхалам Гашкай – на сцэне выступілі спецыяльныя госці – папулярныя артысты з Беларусі: Лявон Вольскі, Вераніка Круглова з гуртом Kriwi, Shuma, а таксама Зміцер Вайцюшкевіч. Артысты спявалі ў суправаджэнні аркестра Kukla Band пад кіраўніцтвам Зыгмунта Куклі, адказнага за аранжыроўку і музычнае афармленне мерапрыемства. Канцэрт упрыгожыў выступ ураджэнца Беларусі Максіма Войцюля, першага танцора польскага Нацыянальнага балета.