У Горадні прайшла адмысловая імша за Беларусь і вяртаньне Тадэвуша Кандрусевіча

Малітву ўзначаліў біскуп Аляксандар Кашкевіч. У галоўным горадзенскім касьцёле 9 верасьня прайшла адмысловая імша, на якой маліліся аб вырашэньні грамадзка-палітычнага крызісу ў Беларусі і вяртаньне дадому мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якога 31 жніўня памежнікі не пусьцілі ў краіну, перадае «Радыё Свабода». Урачыстую імшу адправілі горадзенскія біскупы Аляксандар Кашкевіч і Юзаф Станеўскі, а таксама больш за 10 ксяндзоў з розных парафій. Прысутнічалі праваслаўныя сьвятары айцец Георгій Рой і дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч. Біскуп Аляксандар Кашкевіч адзначыў, што кожны прыходзіць у касьцёл са сваімі просьбамі, але агучаныя на пачатку імшы просьбы важныя для ўсёй краіны. Прысутнічаў таксама ксёндз Ігар Лашук са Стоўпцаў. Ён прывёз у Горадню цудоўную фігуру арханёла Міхала, апекуна Беларусі. Фігура будзе падарожнічаць па касьцёлах краіны, а вернікі будуць маліцца праз пасярэдніцтва арханёла за Беларусь. Частку пропаведзі, якая ішла на польскай, беларускай і расейскай мовах, біскуп Юзаф Станеўскі прысьвяціў разважаньням пра ролю анёлаў і арханёлаў, дабро і зло.