Беларуска прайшла па канаце над Ціхім акіянам зь бел-чырвона-белым сьцягам

Катажына прайшла па канаце, нацягнутым на вышыні 34 мэтры, каб падтрымаць беларусаў. Каб падтрымаць беларусаў, Катажына прайшла па канаце, нацягнутым на вышыні 34 мэтры над паверхняй Ціхага акіяну. Гэта адбылося ў Аўстраліі, паведамляе «Радыё Свабода». «Я спадзяюся, што камусьці ў Беларусі ад гэтага хаця б на хвілінку стане сьвятлей, — тлумачыць Катажына свой учынак. — Сьцяг пашылі ўсёй беларускай дыяспарай. Як толькі спыталіся, адразу дзьве жанчыны прапанавалі дапамогу, запрасілі дахаты». Катажына фізык. «Мадэлюю плязму ўнутры порыстых матэрыялаў, у асноўным для мэдычнага ўжываньня», — кажа яна пра сваю працу. Яна зь Менску, у Аўстраліі вучылася, атрымала стыпэндыю і засталася ў дактарантуры. «„Хайлайнінг“ — гэта хобі» — кажа яна. — Адна з разнавіднасьцяў «слаклайнінгу» — хаджэньня па тросе на вышыні, але над паверхняй зямлі альбо вады. «Пра Беларусь думаю заўжды, — кажа дзяўчына. — Кладуся спаць па менскім часе, а ў Аўстраліі гэта ўжо ранак. Думаю — як дапамагчы, што зрабіць, абы толькі яны не здаліся.