Гісторык: Сёлетні ўздым у Беларусі ўнікальны, не мае гістарычных паралеляў

Упершыню ў нас адбываецца нешта сапраўды маштабнае і на ўласнай глебе. Унікальнасць сёлетняга ўздыму ў беларускай гісторыі — у тым, што ўпершыню ён зяўляецца цалкам самастойнай з явай, а не часткай нейкага шырэйшага рэгіянальнага працэсу, піша а сайце «Нашай Нівы» выдатны беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч. Вось, напрыклад, цэнтр паўстання 1863 года — усё ж Польшча, а наш важны для нацыятварэння сюжэт у агульным кантэксце чыста рэгіянальны. Стварэнне першых арганізацый і друкаваных выданняў у пачатку ХХ стагоддзя — таксама частка агульнага працэсу нацыянальнай і сацыяльнай эмансіпацыі народаў Расійскай імперыі на фоне нарастання мадэрнізацыйных працэсаў. Беларусы ў яго ўключыліся крыху пазней у параўнанні з суседзямі, але гэта бадай і адзінае, што адрознівае. Абвяшчэнне БНР у 1918-м — таксама не нешта ўнікальнае, усе тады нешта падобнае абвяшчалі, толькі з розным поспехам. Грамадоўскі ўздым сярэдзіны 1920-х у Заходняй Беларусі — зява маштабная, але таксама не зусім самастойная.