![]()
Беларусы з насельнікаў ператвараюцца ў грамадзянскую супольнасьць. Адным з практычных вынікаў беларускага рэвалюцыйнага працэсу многія называюць пачатак утварэньня гарадзкіх міні-супольнасьцяў. Двары, вуліцы, мікрараёны. . . Спачатку мясцовыя жыхары стваралі тэлеграм-каналы для каардынацыі выхадаў на «ланцугі салідарнасьці». Пасьля — для супольных нядзельных выхадаў у цэнтар Менску на маршы. Людзі між сабой перазнаёміліся і пачалі рабіць штосьці для душы. Напрыклад, супольна зь дзецьмі глядзець мультфільмы праз праектар ці запрашаць артыстаў з музычнымі выступамі. «Лукашэнка сыдзе, а лякальныя кам’юніці застануцца», — патлумачыў мне знаёмы ўрбаніст. Калі Лукашэнка (то бок наагул рэпрэсіўная сыстэма) сыдзе, ніхто ня ведае. Але ўжо цяпер гучаць засьцярогі, што з адкрытасьці чатаў могуць скарыстацца прадстаўнікі рэпрэсіўнай сыстэмы. Кагосьці зьвінавацяць у закліках да масавых мерапрыемстваў, кагосьці проста адсочаць і перашкодзяць тым ці іншым супольным дзеяньням грамадзянаў. Падыход да камунікацыі ў лякальных каналах залежыць ад стаўленьня да таго, што адбываецца ў Беларусі.