Бітва пад Оршай: невядомыя факты

За кошт чаго нашыя продкі атрымалі бліскучую перамогу над Масковіяй? Перамагчы маскоўскае войска дапамаглi не гарматы, як раней лiчылi, а пяхота з аркебузамi. Пра гэта ў артыкуле на «Нашай Ніве» пiша кандыдат гiстарычных навук Алесь Казакоў. У многiх падручнiках, навуковых працах i лiтаратурных творах апiсаная кульмiнацыя бiтвы пад Оршай 1514-га: падманны манеўр, з дапамогай якога найвышэйшы гетман ВКЛ князь Канстанцiн Астрожскi завабiў ворага пад агонь схаванай артылерыi. Пад трапным абстрэлам маскоўскае войска кiнулася ўцякаць. Таму ў апiсаннях Аршанскай бiтвы гарматы занялi прыкметнае месца. Першым пра артылерыю ВКЛ напiсаў у сваiм знакамiтым трактаце «Нататкi пра маскоўскiя справы» (Rerum Moscoviticarum Commentarii) iмперскi пасол Сiгiзмунд Герберштайн. Цiкава, што ў лацiнамоўным выданнi гэтай працы 1549 года аўтар пiша толькi пра гарматы, а ў нямецкамоўнай рэдакцыi 1557 года ён дадае, што разам з артылерыяй у кустах была схаваная яшчэ i пяхота. Але лацiнская версiя мела шырэйшы распаўсюд, яе чыталi пазнейшыя гiсторыкi Мацей Стрыйкоўскi i Марцiн Бельскi i пяхоту Астрожскага сваёй увагай абмiнулi.