![]()
Што вядома на гэты момант. Цела 25-гадовага Аляксея Дзямідава знайшлі на ўскрайку мікрараёна Серабранка раніцай 5 верасня. Абставіны яго смерці незразумелыя нават блізкім сваякам, піша “Наша ніва”. «Аляксей жыў з бацькамі ў Бараўлянах, працаваў на аўтамыйцы ва Уруччы. 4 верасня выйшаў на працу. Позна ўвечары маці званіла яму, усё было нармальна, але ўжо праз гадзіну то ніхто не браў слухаўку, то выклік скідвалі. А раніцай 5 верасня нам паведамілі, што знайшлі цела Аляксея», — расказаў Аляксандр, стрыечны брат хлопца. Брат кажа, што ў моргу бацькам не паказвалі цела — толькі твар. Пасля яны разглядалі цела сына ўжо дома. «Цялесныя пашкоджанні былі. На галаве гематома, на барадзе нібыта кавалкі скуры выдраныя. Пальцы збітыя, косткі збітыя на руках. Нага неяк перакручаная — нібы зламаная. Брудная вопратка… Выглядае, што была бойка ці нешта такое, — мяркуе Аляксандр. — Афіцыйнае заключэнне аб смерці будзе праз месяц. А ў папярэднім, кажуць, напісалі, што прычына смерці — атручванне невыяўленым рэчывам».