Біскуп Касабуцкі: Сёння за нашу краіну моліцца ўвесь свет

Беларусы мірна выйшлі на вуліцы і выклікалі незвычайную салідарнасць. 5 верасня ў Чырвоным касцёле ў Мінску прайшла імша ў памяць пра забітых і пацярпелых на мірных акцыях. Сайт gazetaby. com прапануе фрагменты выступлення біскупа Юрыя Касабуцкага. Прамова была сустрэтая авацыямі вернікаў. — Дарагія людзі. Сапраўды, я маю пэўнае такое ўнутранае перажыванне, калі бачу сёння столькі вас. Сапраўды, ні адзін святар, ні адзін біскуп не мог бы не радавацца, калі стольі народу збіраецца ў храме. Асабліва пасля часу пандэміі, калі храмы былі паўпустыя, калі мы глядзелі імшу падчас онлайн-трансляцый, то я сапраўды павінен быў бы радавацца. Але з другога боку, тая нагода, з-за якой, можа, многія з вас прыйшлі, даволі сумная. Бо ўсе мы ведаем, што адбылося ў нашай краіне. Мы сабраліся, каб памаліцца за ўсіх тых людзей, якія хацелі, каб наша Бацькаўшчына была шчаслівай. За ўсіх тых людзей, якія хацелі, каб мы жылі ў свабоднай краіне. За ўсіх тых людзей, якія хацелі, каб у нашай краіне мы, людзі, не мелі бы шантажу, запалохвання, рэпрэсій уціску.