Незалежнасць - гэта...

Калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі. Незалежнасць — гэта калі ты з’явішся на свет у радзільні, дзе няма самых стэрыльных на зямлі савецкіх прусакоў, затое ёсць аднаразовыя шпрыцы і пялюшкі. Незалежнасць — гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а не выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і не будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам — не можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий). Незалежнасць — гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, — на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, — на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, — на ягонай).