Новым палітвязнем стаў беларускi японец Акіхіра Гаеўскі-Ханада

Што пра яго вядома? Праваабаронцы дапоўнілі спіс палітвязняў, якім інкрымінуюць арганізацыю ці ўдзел у «масавых беспарадках». Адзін з новых палітвязняў — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, сын работніцы японскай амбасады і беларуса, пiша nashaniva. by. Акіхіру 20 гадоў. Ён скончыў мінскую гімназію №19. Быў лаўрэатам спецыяльнага фонда па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вучыўся ў БДУ, але пасля паступіў у ЕГУ. Яго тата — беларус Святаслаў Гаеўскі, трэнер па каратэ, родам са Слуцка. Мама — Тамока Ханада, працавала сакратаром па культуры японскай амбасады ў Беларусі. Гісторыю іх знаёмства сваякі Святаслава распавядалі слуцкаму «Кур’еру»:«Святаслаў Гаеўскі з пятага класа быў захоплены японскай культурай. Потым прафесійна заняўся каратэ і… закахаўся ў японку! Пазнаёміўся з ёй у Беларусі, калі звяртаўся ў пасольства па паслугі перакладчыка. А потым на год адправіўся ў Японію. Тамока падчас адпачынку прыехала на радзіму. Там і пачаўся іх раман. Вяселле святкавалі ў Токіа, а потым адправіліся ў вясельнае падарожжа і правялі адну з начэй у старадаўнім палацы імператара ў Кіёта».