Дабро заўсёды перамагае

На стадыёне «Алімпійскі» трыбуны скандзіравалі «Ухадзі!», «Трыбунал!» і «Жыве Беларусь!». Дабро перамагло. «Крумкачы» навалялі мінскаму «Дынама» ў палітычным матчы на Кубак краіны. Годны ўнёсак у агульную добрую справу ад маленькага, але высакароднага клуба — у той час, як астатнія футбалісты працягваюць маўчаць і баяцца. У дзень 1 верасня, калі інфармацыйную павестку захапілі мужныя студэнты, свая хвіліна пратэстнай славы дасталася і футбалістам. А менавіта — сталічнай камандзе “Крумкачы”, якая ўзорна-паказальна адлупцавала мінскае “Дынама” ў гульні 1/16 фінала Кубка Беларусі. Матч набыў статус палітычнага маніфеста ў мінулыя дні — у нядзелю і панядзелак, калі двое “крумкачоў” нечакана апынуліся ў аўтазаку, былі пабітыя, пераначавалі ў “казённым доме” і толькі затым выйшлі на свабоду. Дабро заўсёды перамагаеНе будзем перабольшваць грамадскую актыўнасць Сяргея Казекі і Паўла Расолькі. У замес падчас нядзельнага марша за чэсныя выбары яны патрапілі выпадкова. Вярталіся з трэніроўкі, выйшлі на праспект Незалежнасці, а там… А там ужо амапаўцы не цырымоніліся: схапілі, кінулі за краты, пачалі звыкла апрацоўваць метадамі фізічнага ўздзеяння.