Біскуп Юрый Касабуцкі: Факты гавораць, што адбываецца пераслед Касцёла

Трэба быць асабліва салідарнымі і аб’яднанымі ў гэты няпросты час, а Бог нас не пакіне. 1 верасня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі даў спецыяльнае інтэрв’ю сatholic. by, у якім выказаў ацэнку сённяшняй няпростай сітуацыі Касцёла ў Беларусі. — Ваша Эксцэленцыя, з-за вымушанай адсутнасці арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча цяпер Вы як Генеральны вікарый ажыццяўляеце пастырскае кіраванне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Што здарылася?— Сітуацыя складаная і незразумелая. На гэты момант па-ранейшаму няма ніякіх афіцыйных тлумачэнняў ад прадстаўнікоў улады. Арцыбіскуп звярнуўся непасрэдна да старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Анатоля Лапо, але адказу на пытанне, чаму пагранічнікі не дазволілі яму вярнуцца на Радзіму, ад яго не атрымаў. З Беластока, дзе арцыпастыр цяпер вымушана знаходзіцца, ён скіраваў да паствы нашага Касцёла зварот, у якім заклікае нас маліцца аб вырашэнні гэтай прыкрай сітуацыі і ўсяго грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне.